4. Разнавiднасцi беларускай мовы. Паняцце нормы. Сiстэма моўных нормаў
Спіс выкарыстаных крыніц
1.Лявытокаўбеларускаймовы
Асноўнае тэрытарыяльнае ядро ўсходнiх славян вызначылася ў шостым - сёмым стагоддзях н.э. Тэрыторыю сучаснай Беларусi засялялi пераважна такiя славянскiя плямёны, як крывiчы, палачане (заснавалi княствы Полацкае, Смаленскае, Пскоўскае), дрыгавiчы (Тураўскае княства), радзiмiчы (аселi ля ракi Сож).
Старажытныя крывiцкiя i дрыгавiцкiя племянныя саюзы не распалiся, а паступова перараслi ў дзяржаўныя супольнiцтвы i атрымалi пазней назвы Полацкае i Турава-Пiнскае княствы. Ужо на пачатку восьмага стагоддзя ўзнiк самы буйны на той час цэнтр крывiчоў - Полацк (862г.). У дзевятым стагоддзi Полацк канцэнтруе вакол сябе велiзарныя тэрыторыi i становiцца адным з наймагутнейшых палiтычных i культурных цэнтраў Усходняй Еўропы.
У 988г. усходнiя славяне прынялi хрысцiянства. Разам з хрысцiянствам на ўсходнеславянскiя землi прыйшла пiсьменнасць (на стараславянскай, цi царкоўнаславянскай, мове). Паступова выпрацоўваецца свой варыянт пiсьмовай мовы, якая iснуе паралельна са шматлiкiмi мясцовымi гаворкамi ўсходнiх славян.
У наш час большасць даследчыкаў сцвярджае, што ў Старажытнай Русi iснавала лiтаратурнае двухмоўе. Яго прадстаўляла:
1) царкоўнаславянская (стараславянская) мова двух тыпаў:
а) уласна царкоўнаславянская мова - мова богаслужэбнай i тэматычна блiзкай да яе лiтаратуры, перакладзенай з грэцкiх крынiц або створанай у Балгарыi i iншых славянскiх краiнах, якая перапiсвалася i чыталася на Русi;
б) славяна-руская мова - мова напiсаных усходнiмi славянамi арыгiнальных твораў, у якiх пераважала царкоўнаславянская моўная аснова, але ў большай цi меншай ступенi выкарыстоўвалiся сродкi ўсходнеславянскай народнай мовы;
2) старажытнаруская лiтаратурная мова двух тыпаў:
а) мова мастацка-апавядальнай лiтаратуры, усходнеславянская ў сваёй аснове, але з шырокiм выкарыстаннем царкоўнаславянскiх сродкаў;
б) мова справавога пiсьменства i прыватнай перапiскi, заснаваная на жывой народнай мове ўсходнiх славян з нязначнымi царкоўнаславянскiмi элементамi.
Да помнiкаў царкоўнаславянскай мовы адносяцца перапiсаныя са старабалгарскiх арыгiналаў евангеллi i псалтыры, а таксама арыгiнальныя творы тыпу «Жыцiе Феадосiя Пячэрскага», «Сказанне пра Барыса i Глеба», словы, казаннi i павучаннi выдатнага прамоўцы i публiцыста 12ст. Кiрылы Тураўскага, зборнiкi Аўраамiя Смаленскага, «Жыцiе Ефрасiннi Полацкай», «Жыцiе Аўраамiя Смаленскага».
Старажытнаруская мова на народнай аснове адлюстравана ў такiх творах, як «Аповесць мiнулых гадоў», «Павучанне Уладзiмiра Манамаха», «Слова пра паход Iгаравы». Тып старажытнарускай лiтаратурнай мовы атрымаў шырокае прымяненне ў справавым пiсьменстве: Дагаворная грамата смаленскага князя Мсцiслава Давыдавiча з Рыгай i Гоцкiм берагам 1229г., Грамата Гердзеня 1264г., Грамата полацкага князя Iзяслава каля 1265г., Дагавор Полацка з Рыгай каля 1330г., «Руская праўда».
Аб пашырэннi ў старажытнасцi на Беларусi пiсьменства бытавога прызначэння сведчаць такiя помнiкi, як надпiс на крыжы Ефрасiннi Полацкай 1161г., надпiсы на камянях, высечаныя ў гонар полацкага князя Барыса, надпiс на каменi 1171г. ў гонар князя Рагвалода, берасцяныя граматы.
2.Старажытнабеларускаялiтаратурнаямова
На працягу 14--16 ст. пачала складвацца беларуская народнасць з уласцiвай ёй моваю (навукоўцы называюць яе старабеларуская), асноўныя асаблiвасцi якой захоўваюцца да нашага часу. Прыкладна з сярэдзiны 15ст. пiсьменства на тэрыторыi Беларусi насычаецца спецыфiчна беларускiмi асаблiвасцямi ў такой меры, што пачынаючы з гэтага часу ёсць усе падставы гаварыць пра беларускую лiтаратурную мову, якая сваiмi арфаграфiчнымi, граматычнымi i лексiчнымi рысамi прыкметна адрознiвалася ад старажытнарускай лiтаратурнай мовы, але цалкам не парвала сувязi з ёй. У беларускiм пiсьменстве старажытнага перыяду беларуская пiсьмовая мова мела назву «руский языкъ». Азначэнне «руский» паходзiць ад этнонiма «Русь», якiм у шматнацыянальным Вялiкiм княстве Лiтоўскiм абазначалася частка ўсходнеславянскага насельнiцтва, што ўваходзiла ў склад ВКЛ. Назва «белорусский языкъ» пачала ўжывацца толькi ў сярэдзiне 17ст. ў Рускай дзяржаве.
На Беларусi ў 15 -- першай палове 17ст. самым распаўсюджаным было справавое (актавае, канцылярска-юрыдычнае) пiсьменства. Да яго адносяцца шматлiкiя акты, граматы, дагаворы i статуты. Распаўсюджанню гэтага вiду пiсьменства садзейнiчаў той факт, што ў ВКЛ, у склад якога тады ўваходзiла Беларусь, беларуская мова стала дзяржаўнай. Буйнымi помнiкамi канцылярска-юрыдычнага пiсьменства з'яўляюцца: Метрыка ВКЛ, Статуты ВКЛ (1529, 1566, 1588гг.). У 16 i 17ст. на беларускай мове вялася дакументацыя ў гарадскiх управах, магiстратах i магдэбургiях, у гарадскiх, земскiх i замкавых судах, яна выкарыстоўвалася ў дыпламатычнай i прыватнай перапiсцы. Справавое пiсьменства было самым прагрэсiўным паводле адлюстравання рысаў жывой беларускай мовы.
Адно з вядучых месцаў па колькасцi вядомых помнiкаў i па разнастайнасцi жанраў пiсьменства эпохi беларускай народнасцi займае свецка-мастацкая лiтаратура. Самым старажытным i пашыраным жанрам з'яўляюцца летапiсы (Радзiвiлаўскi, летапiс Аўраамкi). У 16 i першай палове 17ст. афiцыйнае дзяржаўнае летапiсанне дапоўнiлася гiстарычнымi запiскамi мясцовага характару (Баркулабаўскi летапiс), мемуарнымi творамi («Гiстарычныя запiскi» Ф.М.Еўлашоўскага, «Дыярыуш» А.Фiлiповiча), перакладнымi воiнскiмi i рыцарскiмi раманамi i аповесцямi («Александрыя», «Аповесць пра Трою», «Аповесць пра Трышчана», «Аповесць пра Баву», «Гiсторыя пра Атылу»), перакладнымi хронiкамi («Хронiка» М.Стрыйкоўскага). Пералiчаныя арыгiнальныя i перакладныя творы адлюстроўваюць высокую ступень развiцця старабеларускай лiтаратурнай мовы, багацце i разнастайнасць яе выяўленчых сродкаў.
Беларуская мова пранiкае i ў сферу рэлiгiйнай лiтаратуры. У 15ст. на беларускую мову была перакладзена «Песня песням». У 1517-1519гг. беларускi першадрукар, асветнiк i гуманiст Францыск Скарына зрабiў пераклад большай часткi кнiг Старога запавету. Захаваўшы царкоўнаславянскую аснову, Скарына насыцiў свой пераклад беларускiмi рысамi ў такой меры, што ў цэлым мова яго перакладу заняла прамежкавае становiшча памiж царкоўнаславянскай i беларускай мовамi.
З'яўленне на беларускай мове арыгiнальных твораў рэлiгiйнага прызначэння звязана з iменем буйнога асветнiка i iдэолага гуманiзму i рэфармацыi на Беларусi i Лiтве Сымона Буднага, якi ў 1562г. выдаў у Нясвiжы на беларускай мове дзве кнiгi -- «Катэхiзiс» (павучанне, настаўленне) i «Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам».
Значным крокам у пашырэннi ролi беларускай мовы ў рэлiгiйнай сферы было выданне на беларускай мове каля 1580г. В.Цяпiнскiм «Евангелля». Гэта выданне вылучаецца тым, што беларускi тэкст змешчаны паралельна з царкоўнаславянскiм.
На фоне гэтых звестак парадаксальным даводзiцца лiчыць той факт, што ў старажытны перыяд на беларускай мове не было створана нi падручнiкаў, нi слоўнiкаў. Пiсьмовай мовай авалодвалi па ўзорах пiсьмовых тэкстаў. З канца 16ст. беларуская мова стала абавязковым прадметам навучання ў праваслаўных брацкiх школах, дзе вывучалiся таксама польская, лацiнская i грэчаская мовы. Выкладчыкам i вучням такiх школ вельмi патрэбен быў перакладны слоўнiк. У1596г. Л.Зiзанiй выдаў у Вiльнi «Лексiс», дзе тлумачыў незразумелыя царкоўнаславянскiя словы сродкамi беларускай мовы (врачую - лечу, мелъ - вапна и тыж крейда, месть - помста, баснь - казка, слово, байка). У рэестравай частцы слоўнiка 1061 слова, а ў тлумачальнай - больш за 2 тысячы. У1627г. Памва Бярында выдаў у Кiеве «Лексiкон», якi змяшчаў каля 7000 слоўнiкавых артыкулаў. Беларускi моўны матэрыял выкарыстоўваецца ў якасцi тлумачальнага i ў «Граматыцы» М.Сматрыцкага (1619г.).
Такiм чынам, у 16 i першай палове 17ст. старабеларуская лiтаратурная мова дасягнула найвышэйшага ўзроўню развiцця, атрымала прымяненне ў найважнейшых галiнах грамадскага i культурнага жыцця беларускага насельнiцтва. Разам з тым якраз у гэты перыяд у абставiнах новых палiтычных i культурных умоў жыцця беларускага народа сфера выкарыстання беларускай мовы пачала звужацца, што пазней прывяло да яе заняпаду. У складаных палiтычных абставiнах сярэдзiны 16ст. беларуска-лiтоўская шляхта зрабiлася буйной палiтычнай сiлай, якая, каб забяспечыць сваё палiтычнае i эканамiчнае становiшча, пачала iмкнуцца да ўстанаўлення ў ВКЛ важнейшых дзяржаўных iнстытутаў на польскi ўзор. У другой палове 16ст. польская мова i польская культура пачалi iнтэнсiўна распаўсюджвацца ў вышэйшых колах беларускага грамадства. Каб абаранiць беларускую мову, у Статут ВКЛ 1566г. быў уключаны спецыяльны пункт аб ужываннi ў справаводстве беларускай мовы. Гэты пункт быў захаваны ў Статуце 1588г. i ў перакладзе Статута на польскую мову ў 1614г. Але апошнi спецыяльным артыкулам дазваляў каталiцкай царкве ўжываць польскую мову як афiцыйную. Беларускiя арыстакраты пачалi пiсаць свае прозвiшчы польскiмi лiтарамi пад дакументамi на беларускай мове. Пазней у дакументах па-беларуску пiсалi толькi традыцыйныя формулы ў пачатку i ў канцы, тады як асноўны тэкст пiсаўся па-польску. У сярэдзiне 17ст. некаторы час дакументы пiсалiся па-беларуску, але з кароткiм выкладам зместу на польскай мове. У 1696г. ўсеагульная канфедэрацыя саслоўяў прыняла пастанову пiсаць справавыя паперы дзяржаўнага значэння па-польску. На беларускай мове працягвалi пiсаць дакументы мясцовага значэння (запаветы, распiскi, прыватныя лiсты). Заняпад беларускай мовы ў афiцыйным справаводстве супаў са звужэннем яе ролi ў iншых галiнах культурнага жыцця. Скарацiлася колькасць рукапiснай свецкай i рэлiгiйнай лiтаратуры, фактычна перасталi друкаваць беларускiя кнiгi i тагачасныя друкарнi. Навучанне вялося на польскай i лацiнскай мовах. Беларуская мова вывучалася толькi ва унiяцкiх базыльянскiх школах.
У 18ст. беларуская мова атрымала пiсьмовую фiксацыю галоўным чынам у iнтэрмедыях i iнтэрлюдыях да драматычных твораў, што ставiлiся ў тагачасных вучылiшчах. З iх асаблiвую цiкавасць маюць дзве камедыi выкладчыкаў рыторыкi Забельскай дамiнiканскай калегii К.Марашэўскага i М.Цяцерскага.
3.Новаябеларускаялiтаратурнаямова
У канцы 18ст. ў вынiку трэцяга падзелу Рэчы Паспалiтай Беларусь была канчаткова далучана да Расiйскай імперыi. З гэтага часу афiцыйнай мовай на Беларусi стала руская. Аднак да 1830-х гадоў па-ранейшаму шырока ўжывалася i польская мова, якая захоўвалася ў справаводстве i школьным навучаннi, на ёй гаварылi i пiсалi польскiя i мясцовыя памешчыкi i арыстакраты.
Адсутнасць свайго нацыянальнага дзяржаўна-палiтычнага ўтварэння было галоўнай прычынай таго, што працэс складвання агульнай пiсьмова-лiтаратурнай нацыянальнай мовы адбываўся больш за стагоддзе: ад пачатку ХІХ ст. да 20-х гадоў ХХ ст. Паколькi ў значнай ступенi традыцыi старабеларускага пiсьменства аказалiся перарванымi, новая беларуская лiтаратурная мова (сучасная) узнiкала на народна-дыялектнай аснове.
Сярод найбольш раннiх помнiкаў беларускага пiсьменства вылучаюцца ананiмныя творы, з якiмi i звязана ўзнiкненне новай беларускай лiтаратуры i лiтаратурнай мовы: гутаркi «Праўда», «Вясна, голад, перапала», «Вось якi цяпер люд стаў», «Гутарка Данiлы са Сцяпанам», вершаванае апавяданне «Тэатр», парадыйна-сатырычныя паэмы «Энеiда навыварат» i «Тарас на Парнасе». Характэрныя рысы беларускай народнай гаворкi адлюстроўваюць i творы беларускiх пiсьменнiкаў першай паловы 19ст.: верш Паўлюка Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы», творы Яна Чачота, Яна Баршчэўскага, А.Рыпiнскага, В.Каратынскага, У.Сыракомлi i iнш. Найбольш буйной фiгурай гэтага часу з'яўляецца В.Дунiн-Марцiнкевiч, ад якога па сутнасцi пачынаецца шлях новай беларускай лiтаратуры. В.Дунiн-Марцiнкевiч свядома стаў апрацоўваць жывую мову беларускага народа, шукаць у ёй адпаведныя сродкi i прыёмы лiтаратурнага выказвання.
Важную ролю ў працэсе фармiравання беларускай лiтаратурнай мовы ў 19ст. адыгрывала публiцыстыка, у прыватнасцi нелегальная газета «Мужыцкая праўда» Кастуся Калiноўскага (выйшла 7 нумароў).
Пасля задушэння паўстання 1863г. рэзка ўзмацнiўся сацыяльны i нацыянальны прыгнёт беларускага народа. 30 верасня 1865г. мiнiстр унутраных спраў Расii Валуеў спецыяльным цыркулярам забаранiў “…друкаваць …выданнi на лiтоўскiм i жмудскiм дыялекце; ...перавоз, продаж i распаўсюджванне такiх выданняў”, а ў выпадку парушэння гэтага цыркуляра забароненыя выданні канфіскоўваліся.
У 19ст. распачалiся спрэчкi адносна характару беларускай мовы. Адны даследчыкi (С.Лiндэ, Я.Чачот, К.Калайдовiч) разглядалi беларускую мову як самастойную i заклiкалi яе вывучаць, iншыя (У.Даль, А.Сабалеўскi, I.Сразнеўскi) лiчылi беларускую мову гаворкай рускай мовы. Навуковым вывучэннем беларускага пiсьменства ў 19ст. плённа займалiся I.Грыгаровiч, П.Шпiлеўскi, I.Насовiч (аўтар «Слоўнiка беларускай мовы», 1870г., 30 тысяч слоў), М.Гарбачэўскi (выдаў у 1874г. «Слоўнiк старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю i царства Польскага», якi змяшчаў каля 400 беларускiх i больш за пяць тысяч лацiнска-польскiх юрыдычных тэрмiнаў), I.Навiцкi (аўтар «Даведачнага слоўнiка юрыдычных тэрмiнаў старажытнай актавай мовы паўднёва-заходныяй Расii» на 600 тэрмiнаў). У 1880г. быў апублiкаваны артыкул К.Апеля «Аб беларускай мове», у якiм зроблена спроба апiсаць важнейшыя рысы беларускай мовы ў галiне фанетыкi i марфалогii. Заснавальнiкам беларускага мовазнаўства лiчыцца Я.Ф.Карскi, аўтар працы «Беларусы» (кн.1- 7, 1903-1922гг.).
Пачатак 20 ст. азнаменаваўся пашырэннем нацыянальна-вызваленчага руху, ажыўленнем кнiгавыдавецкай дзейнасцi. 24 лiстапада 1905г. ўступiў у дзеянне так званы закон аб свабодзе друку, якi дазваляў друкаваць творы беларускай лiтаратуры i пераклады на беларускую мову з iншых моў. Аднак беларускую мову па-ранейшаму забаранялi выкарыстоўваць у сферы грамадска-культурнага i палiтычнага жыцця, не мела яна доступу i ў школы.
У 1906г. ў Пецярбургу было заснавана беларускае выдавецкае таварыства «Загляне сонца i ў наша аконца», якое праiснавала да першай сусветнай вайны. Выдавецтва пачало выпускаць першыя буквары на роднай мове: «Беларускi лемантар, або Першая навука чытання» К.Каганца (1906г.), «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткi (1906г.), «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.Коласа (1909). У 1907г. ў Вiльнi пачынае работу выдавецтва «Наша нiва», пазней узнiкаюць выдавецкiя суполкi «Мiнчук», «Наша хата», «Палачанiн» i iнш.
З1906г. пачынаецца гiсторыя беларускай легальнай прэсы, калi з'яўляюцца газеты «Наша доля», «Наша нiва», «Гоман», «Дзяннiца», «Bielarus». На беларускай мове таксама выдавалiся сельскагаспадарчы часопiс «Саха», лiтаратурна-навуковы штомесячнiк для беларускай моладзi «Лучынка», студэнцкi часопiс «Ранiца».
У 1918г. былi надрукаваны першыя падручнiкi па беларускай мове, сярод якiх найбольшае значэнне мела «Беларуская граматыка для школ» Б.Тарашкевiча. Аўтар яе паслядоўна вызначыў граматычныя рысы беларускай мовы, дакладна сфармуляваў асноўныя прынцыпы i правiлы беларускай арфаграфii. «Граматыка» паклала пачатак навуковай распрацоўцы правапiсных i граматычных нормаў беларускай мовы.
З 20-х гадоў ХХ ст. беларуская мова набывае шырокiя грамадскiя функцыi, што запатрабавала стварэння нацыянальнай тэрмiналогii, здольнай абслугоўваць важнейшыя сферы сацыяльна-грамадскага жыцця. У 1921г. да ажыццяўлення гэтай задачы прыступiла Навукова-тэрмiналагiчная камiсiя, а ў 1922г. заснаваны на яе базе Iнстытут беларускай культуры. На працягу 1922-1930-х гадоў было апрацавана i выдадзена 24 тэрмiналагiчныя галiновыя слоўнiкi.
У гэты перыяд разгарнулася шырокая дыскусiя па пытаннях нармалiзацыi беларускай лiтаратурнай мовы. Для ўпарадкавання нормаў роднай мовы ў лiстападзе 1926г. была склiкана Акадэмiчная канферэнцыя па рэформе беларускага правапiсу i азбукi. Для апрацоўкi матэрыялаў канферэнцыi i канчатковай выпрацоўкi праекта правапiсу была створана спецыяльная камiсiя ў складзе С.Некрашэвiча, А.Багдановiча, Я.Лёсiка, В.Ластоўскага, П.Бузука, Я.Бялькевiча, Я.Купалы, У.Чаржынскага. У 1933г. быў выдадзены «Праект спрашчэння беларускага правапiсу», на аснове якога Саўнарком БССР прыняў пастанову «Аб зменах i спрашчэннi беларускага правапiсу», якая ўпершыню ў гiсторыi беларускай лiтаратурнай мовы заканадаўча абвясцiла агульнадзяржаўнымi, г.зн. абавязковымi для кнiгадрукавання, радыёвяшчання, школьнага выкладання, справаводства i г.д. пэўныя нормы беларускага правапiсу i граматыкi. З улiкам гэтай пастановы ў 1934г. быў выдадзены разгорнуты i дэталёвы звод арфаграфiчных правiлаў «Правапiс беларускай мовы». Арфаграфiчная рэформа 1933г. ў гiсторыi беларускага мовазнаўства - з'ява неадназначная. З аднаго боку, яна ў значнай ступенi абагульнiла i рэалiзавала здабыткi беларускага мовазнаўства 20-х гадоў, пэўным чынам сiстэматызавала правапiс, спрыяла стабiлiзацыi арфаграфiчных нормаў беларускай мовы. З другога боку, рэформа падпала пад моцны палiтыка-iдэалагiчны ўплыў. Ва ўмовах узятага кiраўнiцтвам краiны курса на барацьбу з «нацдэмамi», на зблiжэнне народаў i злiццё iх культур у адну культуру з адной агульнай мовай важным стала не так адлюстраваць нацыянальную спецыфiку беларускай мовы, як прывесцi правапiс у адпаведнасць з рускай арфаграфiчнай традыцыяй. Таму i пасля рэформы ў беларускiм правапiсе заставалася шмат нявырашаных пытанняў, супярэчлiвых напiсанняў.
З мэтай далейшага ўпарадкавання беларускага правапiсу была створана Арфаграфiчная камiсiя на чале з Я.Коласам i К.Крапiвой, якая распрацавала «Праект змен i ўдакладненняў беларускага правапiсу» (апублiкаваны ў 1951г., дапрацаваны ў 1956г.), якi быў зацверджаны ў маi 1957г. спецыяльнай пастановай Савета Мiнiстраў БССР «Аб ўдакладненнi i частковых зменах iснуючага беларускага правапiсу». З улiкам гэтай пастановы ў 1959г. быў выдадзены збор правiлаў беларускай арфаграфii i пунктуацыi.
Са зменай палiтычнай сiтуацыi ў канцы 1980-х гадоў, калi Беларусь стала суверэннай дзяржавай, калi сталi пашырацца сферы выкарыстання беларускай мовы, павялiчвацца кола яе носьбiтаў, пытаннi аб новым удакладненнi i ўдасканаленнi правапiсу зноў сталi на парадак дня. 19 -- 20 лiстапада 1992г. у Мінску была праведзена канферэнцыя «Праблемы беларускага правапiсу». Удзельнiкi канферэнцыi прынялi пастанову, у якой адзначаецца, што рэформа правапiсу 1933г. ёсць факт палiтычнага ўмяшання ў моўны працэс.
26 студзеня 1990г. 14-я сесiя Вярхоўнага Савета БССР прыняла закон «Аб мовах у Беларускай ССР» i вызначыла парадак ужывання беларускай, рускай i iншых моў у рэспублiцы. Паводле гэтага закона беларуская мова стала адзiнай дзяржаўнай мовай на тэрыторыi Беларусi. Закон прадугледжваў аднаўленне беларускай мовы найперш у сферы афiцыйна-справавога ўжытку, у адукацыi.
На жаль, 14 мая 1995г. адбыўся агульнарэспублiканскi рэферэндум, дзе большая частка насельнiцтва выказалася за дзяржаўнае двухмоўе, г.зн., што беларуская мова пакуль не выкарыстоўваецца як дзяржаўная ў розных сферах жыцця краiны, не з'яўляецца рэальным сродкам зносiн.
Як i многiя iншыя мовы свету, беларуская мова iснуе ў дзвюх разнавiднасцях: дыялектнай i лiтаратурнай.
Дыялектная мова - гэта мова народа, якая выступае ў выглядзе мясцовых гаворак. Гаворка - гэта мова аднаго цi некалькiх населеных пунктаў з аднатыпнымi моўнымi рысамi. Мясцовыя гаворкi распаўсюджаны толькi на пэўнай тэрыторыi, выкарыстоўваюцца звычайна ў вуснай форме. Гаворкi аб'ядноўваюцца ў дыялекты. На тэрыторыi Беларусi два дыялекты: паўночна-ўсходнi i паўднёва-заходнi, памiж якiмi вылучаюцца сярэднебеларускiя гаворкi, якiя з'яўляюцца пераходнымi. Кожны з дыялектаў мае свае асаблiвасцi ў лексiцы, фанетыцы, марфалогii, сiнтаксiсе, якiя адрознiваюць iх адзiн ад аднага i ад лiтаратурнай мовы. Напрыклад, лiтаратурнаму найменню калодзеж у паўднёва-заходнiм дыялекце адпавядае назва каварат, а ў паўночна-ўсходнiм - асвер.
Лiтаратурная мова - апрацаваная, упарадкаваная, унармаваная форма нацыянальнай мовы. Яна распаўсюджана на ўсёй тэрыторыi Беларусi, з'яўляецца сродкам зносiн у розных сферах жыцця беларускага народа. Для яе характэрна адзiнства, устойлiвасць, стабiльнасць, якiя забяспечваюцца цэлай сiстэмай нормаў.
Лiтаратурная норма - гэта ўзор або правiла, выпрацаванае грамадствам i зафiксаванае ў слоўнiках, граматыках, спецыяльных даведнiках. Афiцыйнае прызнанне нормы называецца яе кадыфiкацыяй. Змены нормаў адбываюцца нячаста, звычайна ў вынiку рэформаў або ўдакладненняў правапiсу.
- лексiчныя i фразеалагiчныя нормы - правiльны выбар слова i ўстойлiвага выраза, дарэчнасць iх прымянення ў адпаведнасцi са значэннем;
- стылiстычныя нормы - выкарыстанне моўных сродкаў у адпаведнасцi з пэўным стылем, моўнай сiтуацыяй.
Лiтаратурная мова iснуе ў дзвюх формах - вуснай i пiсьмовай. Вуснай формай карыстаюцца пры непасрэдных моўных кантактах: у гутарках, на занятках, у публiчных выступленнях. Пiсьмовую мову ўспрымаюць зрокава, таму захаванне ў ёй лiтаратурных нормаў набывае сiлу закона. Асноўныя асаблiвасцi пiсьмовай мовы - дакладнае словаўжыванне i правiльная сiнтаксiчная арганiзацыя тэксту.
Спісвыкарыстаныхкрыніц
1. Плотнiкаў Б.А. Агульнае мовазнаўства / Б.А. Плотнiкаў. - Мн., 1994.
2. Антанюк Л.А. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум / Л.А. Антанюк, Б.А. Плотнікаў. - Мн., 2003.
3. Палуян А.М. Беларуская мова (прафесійная лексіка): курс лекцый / А.М.Палуян. 2006, - 134 с.
4. Янкоўскi Ф.М. Гiстарычная граматыка беларускай мовы / Ф.М. Янкоўскi- Мн.. 1989.